Нерэабілітаваны герой падпольля
Васілю Супруну быў 81 год, але ён мог бы яшчэ пажыць, каб ня рак лёгкіх, які выявілі занадта позна. На пэнсіі ён пісаў кнігі, у тым ліку тры паэтычныя – "Крык", "Рэха абуджаных дзён" і "Жыць для Беларусі". Для назвы апошняй узяў радок зь вядомага верша Ларысы Геніюш. Праўда, кніжкі тыя выходзілі прыватным чынам, невялікімі накладамі, у сьціплым паліграфічным выкананьні.
У 1946 годзе Васіль Супрун стварыў са слонімскай моладзі падпольную групу "Чайка". Міхась Варанец, які ў апошнія гады часта бачыўся з В.Супруном, расказаў: у 1946 годзе хлопцы патаемна сабраліся на поплаве Шчары, і ў гэты час блізка ад іх праляцела чайка... Вось і вырашылі назваць сваю падпольную арганізацыю рамантычна – "Чайкай". Заходнебеларуская моладзь хацела аднаго – каб родная Беларусь стала сапраўды сувэрэннай, незалежнай ад СССР рэспублікай. У 1947 годзе пачаліся арышты, трапіў за краты і Васіль Супрун, яму далі па максымуму – 25 гадоў турмы. Зь іх прабыў у ГУЛАГу амаль дзесяць.
Калі Рэспубліка Беларусь стала нарэшце сапраўды незалежнай, Васіль Супрун зьвярнуўся ў камісію па рэабілітацыі. Аднак яго не рэабілітавалі. Таму што беларуская ўлада заўсёды лічыла сябе спадкаемцай савецкай. І паколькі В.Супрун удзельнічаў у антысавецкім падпольлі, хацеў бачыць сваю краіну па-сапраўднаму сувэрэннай, значыцца ў ГУЛАГ яго і ягоных паплечнікаў кінулі справядліва... Такой была лёгіка рэабілітацыйнай камісіі. Болей Васіль Супрун па рэабілітацыю не зьвяртаўся – так і памёр героем нацыянальна-патрыятычнага падпольля.
Дарэчы, не рэабілітавалі і вядомую паэтку Ларысу Геніюш, якая пасьля вызваленьня з ГУЛАГу жыла ў суседняй са Слонімам Зэльве, дзе й памерла ў 1983 годзе. Яны былі добра знаёмыя з В.Супруном.
Бадай самай вядомай ягонай кнігай стала "Незабыўныя ксівы", у ёй чаргуюцца вершы: Геніюш і Супруна. У свой час ён расказваў мне, што на правах зямляцтва абменьваліся маленькімі цыдулкамі, яшчэ будучы на Поўначы ў канцлягеры. Тады зьняволеныя наладзілі сваю пошту. Яна, у прыватнасьці, дзейнічала паміж мужчынскім і жаночым лягерамі. Васіль Супрун нейкім дзівам здолеў захаваць гэтыя вершаваныя цыдулкі, і ягоная кніга стала ўнікальнай у беларускай літаратуры.