Раскопкі ля Каложы
Раскопкамі будзе кіраваць загадчык аддзела сярэднявяковага пэрыяду Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Мядзьведзеў, які ўчора прыехаў у Гародню ў працяглую камандзіроўку.
Па заказу ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага аблвыканкаму ТАА "Тэхналягічнае праектаваньне і лічбавыя тэхналёгіі" зь Менску выканала архітэктурны праект Каложскай царквы, але пакуль без камунікацыяў. Праект падтрыманы Міністэрствам культуры Беларусі. Цяпер навукоўцы і адмыслоўцы па праектаваньню мусяць выпрацаваць агульную канцэпцыю рэстаўрацыі ня толькі Каложскай царквы, але і тэрыторыі вакол яе.
Між тым, сёньня ў Гародні адбылося выязное паседжаньне навукова-мэтадычнай рады Міністэрства культуры, прысьвечанае праблемам гістарычнага цэнтру гораду. На паседжаньне ўлады былі змушаныя запрасіць прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія змагаюцца супраць так званай рэканструкцыі гістарычнага цэнтру, якая, на іх думку, нагадвае вынішчэньне нацыянальна-культурніцкай спадчыны.